Прайшлі гады, і менавіта наяўнасць добрага голасу адыграла сваю ролю ў выбары будучай прафесіі: Алег Мельнікаў вырашыў звязаць свой лёс са спевамі.
Сапраўды, у яго жыцці цяпер ёсць усё: добрае, кепскае, поспехі, цяжкасці... Але ўсё гэта застаецца «па-за кадрам», бо на сцэне мы бачым толькі яго герояў, якія заўсёды ўражваюць сваёй адметнасцю. Спявак стварае станоўчыя або адмоўныя вобразы, якія адразу ж знаходзяць водгук у сэрцах гледачоў: караля Рэнэ з «Іаланты» ці Грэміна з «Яўгена Анегіна», Барыса Гадунова з аднайменнай оперы Мусаргскага ці Базіліо з «Севільскага цырульніка», Рамфіса з «Аіды» ці Захарыі з «Набука»...
Пералічаныя партыі — далёка не ўсё, што створана і сыграна Алегам Мельнікавым. На вялікі жаль, мы не маем магчымасці ўбачыць у нашым тэатры, напрыклад, Фарлафа з оперы «Руслан і Людміла», пра якога знакамітая Ірына Архіпава сказала, што на фестывалі ў Чэлябінску выкананне Мельнікава было лепшым увасабленнем гэтага персанажа.
Алег Уладзіміравіч гастралюе часцей за іншых спевакоў опернай трупы. Ён бярэ ўдзел у шматлікіх фестывалях, дае сольныя канцэрты, яго запрашаюць на вакальныя конкурсы ў якасці члена журы — гэта значыць, што талент нашага земляка высока ацэньваюць і на радзіме, і за мяжой. Дарэчы, А. Мельнікаў — лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў. Імя Шаляпіна ў Казані (1988 год, 1-ае месца), імя Дворжака ў Карлавых Варах (1988, 2-ое месца, 1-ае не прысуджалася). Конкурсаў імя Чайкоўскага (1990), вакальных спаборніцтваў у Іспаніі (Більбао, Памплона, 2-ое месца), Партугаліі (1993, 1-ае месца), Германіі (3-яе). Аднак поспехі спевака не толькі не спыняюць яго творчых пошукаў, але і ўвесь час прымушаюць разважаць пра лёс беларускага опернага тэатра і оперы ўвогуле.
— Напрыканцы XX стагоддзя выказвалася меркаванне, што жанр оперьі памірае. Ці ёсць праблемы ў нашым оперным тэатры на сённяшні дзень?
— Сапраўды, цяпер існуюць пэўныя цяжкасці. На мой погляд, ёсць падставы для непакою за лёс і стан нашай оперы. Часам прыходзяць думкі наконт таго, што тэатру трэба мець маладзёжную трупу, бо і жаданне, і сілы для яе арганізацыі ёсць. Да мяне дайшлі чуткі, што на апошняй сустрэчы нашага прэзідэнта з творчай інтэлігенцыяй рэктар Акадэміі музыкі Міхаіл Казінец прапанаваў стварыць маладзёжны оперны тэатр. Я толькі не зразумеў, ці гэта будзе рабіцца на базе кансерваторыі, ці на базе тэатра. Але сама гэтая прапанова прымушае задаць масу пытанняў: хто будзе працаваць з гэтай моладдзю? Дзе гэтую моладзь набіраць? Бо каб вырасціць спевака, акцёра, патрэбна самае меншае 10-15 гадоў. Толькі тады можна казаць пра падрыхтаванага прафесійнага выканаўцу. Я пераканаўся ў гэтым на сваім вопыце, на вопыце калег, з якімі вучыўся. Тут адыгрывае сваю ролю шмат фактараў: станаўленне чалавечай асобы, поглядаў на жыццё, фізіялагічнае станаўленне (арганізм фарміруецца, мацнее да 35-40 гадоў). Таму вельмі важнае паступовае правядзенне выканаўцы па этапах, пачынаючы з невялікіх партый, бо ўсё павінна рыхтавацца старанна. Нездарма існуе выраз: «Не бывае маленькіх партый — бываюць маленькія акцёры». У падыходзе да ролі мае значэнне, у якой ступені ўсё прадумана, падрыхтавана, зроблена вакальна, па-акцёрску, у якой ступені гэта пражыта. Спеваку на рэпетыцыі не даруецца ніводная пустая нота, ніводная пустая фраза, ніводная секунда неперажытых спеваў. I калі гэта ўсё робіцца часткай натуры выканаўцы, яго патрэбаю — такой, як піць, есці, дыхаць, — тады можна гаварыць пра сфарміраванага прафесіянала.
Я заўсёды ўспамінаю свайго педагога, прафесара Яўгена Мікалаевіча Іванова, думаю, што б ён мне сказаў. Добра, што цяпер у мяне ёсць цудоўны канцэртмайстар Георгій Аляксеевіч Карант — чалавек высокага прафесійнага палёту, высакароднага стаўлення да справы, які не дазваляе відавочных памылак. Уся бяда ў тым, што спявак не чуе сябе правільна. Шмат гадоў я ніяк не магу дамагчыся, каб у оперным тэатры было створана тое, што сёння ёсць у балеце, — там абсталяваны відэаклас і ўвесь час ідзе запіс спектакляў, якія выпускаюцца. Такі відэаклас — вялікая дапамога і дырыжору: паглядзець, як прайшоў учора спектакль, што рабілі выканаўцы, што ён сам рабіў за пультам, як гучаў аркестр, якія былі недахопы, што было добра? Цяпер жа ў нас практычна ўсе спектаклі безгаспадарныя.
На здымку: Лаўрэат міжнародных конкурсаў беларускі спявак Алег Мельнікаў.
— Гэта значыць, не хапае прафесійнага асэнсавання зробленай працы?
— Так. Акцёры — людзі дастаткова самалюбівыя, і многія патрабуюць болын, чым заслугоўваюць. I тут важна дакументальна паказаць, што і як было на спектаклі. Калі ёсць відэазапіс (я з гэтым сутыкаўся ў іншых краінах) — гэта вялікі козыр для стрымлівання нялепшых чалавечых якасцей і ў той жа час той фактар, які расстаўляе ўсе кропкі над «і». Напрыклад, у тэатры мы перыядычна праслухоўваем студэнтаў кансерваторыі. Але падобныя праслухоўванні сталі недарэчнасцю! Узнікаюць пытанні: навошта? Для чаго? Замест таго каб сядзець і выбіраць, у каго лепшае спалучэнне галасавых і акцёрскіх даных, мы гаворым: «...вось тую ноту не ўзяла, тут дыкцыя недакладная, інтанацыя кульгае...». Клопат пра гэта зразумелы. У свой час Ф. Шаляпін казаў: «Добра вымаўлена — напалову спета». Але нават казаць пра гэта не трэба — гэта ж само сабой зразумелае! Навошта спеваку, выпускніку кансерваторыі, гаварыць пра інтанацыю?! Пра што мы наогул разважаем?! Білеты на оперу па 5000 рублёў — дарагое задавальненне! Не кожны можа сабе дазволіць схадзіць ў тэатр 2-3 разы ў месяц... I што атрымліваецца? Выбраўшы пэўны момант, чалавек ладзіць сабе свята — ідзе ў оперны тэатр, магчыма, бярэ з сабой дзяцей. Магчыма, у некага гэта будзе першы паход у тэатр. Ён прыйдзе і ўбачыць такую «творчасць» на сцэне! Ды глядач на ўсё жыццё запомніць такі вечар! Ён скажа: «Быў я ў гэтай оперы, мяне болышь туды нічым не заманіш!». Але ж опера — гэта найвялікшае з мастацтваў, якое шмат што ў сабе сінтэзавала: сімфанічную, харавую, сольную музыку, акцёрскае майстэрства, балет, літаратуру, выяўленчае мастацтва... Дзе яшчэ можна адразу ўбачыць усё гэта ў адным спектаклі?!
Вядома ж, той сітуацыі, што склалася, мы шмат у чым абавязаны распаду Саюза. У нас сёння такі стан трупы, што толькі сваімі сіламі мы, на жаль, не абыдземся. Нам патрэбна свежае ўліванне. Мне даводзіцца шмат ездзіць па былому СССР, і я чую маладыя галасы — цудоўныя, унікальныя! Нядаўна вярнуўся з Чэлябінска, з Другога фестывалю спевакоў, якіх прадстаўляла Ірына Архіпава. Мне было вельмі прыемна ўдзельнічаць у гэтым свяце. Здавалася б, горад правінцыйны, але знайшліся сродкі на правядзенне фестывалю, які цяпер будзе адбывацца штогод. Пасля Першага фестывалю наведванне Чэлябінскага тэатра оперы і балета ўзрасло амаль ўдвая!
Раней шмат спевакоў прыязджала да нас з Расіі. Многія беларусы там вучыліся...
— Наколькі я вас зразумела, вынік навучання спевакоў у нашай Акадэміі музыкі не заўсёды адпавядае таму, якім мусіў бы быць?
— На жаль, у болынасці выпадкаў адбываецца менавіта так. Здараецца, што пры паступленні чуеш адзін голас, а на выпускным экзамене ён гучыць зусім па-іншаму. Я адчуў гэта на сабе, калі мяне выхоўвалі як барытона, хоць я — бас.
I праз паўгода пачаў адчуваць, што з голасам кепска. Тады я кінуў вучобу ў Мінску, вырашыў, што так наогул страчу тое, што мне даў Бог, і паехаў паступаць у Маскву. Але мне не пашчасціла там вучыцца. Загадчык кафедры спеваў Маскоўскай кансерваторыі вядомы спявак Яўген Несцярэнка паведаміў мне, што існуе дамоўленасць з Тамарай Мікалаеўнай Ніжнікавай, што студэнтаў з Беларускай кансерваторыі яны могуць прымаць толькі шляхам пераводу ці мэтавага накіравання (каб не пераманьваць нацыянальныя кадры). Аднак усё гэта я слухаў, калі на ўступным экзамене стаяў ля раяля.
На здымку: У партыі Грэміна (опера «Яўген Анегін»)
— Вы нават не спявалі?
— Нават не спяваў, хоць папярэдняе праслухоўванне прайшоў «на ўра». Калі ўжо збіраўся паступаць на эстраднае аддзяленне ў Інстытут культуры, зусім выпадкова мяне пачуў загадчык кафедры вакалу ў музычным вучылішчы Адам Асманавіч Мурзіч і прапанаваў займацца спевамі (прайшло 5 гадоў пасля заканчэння майго навучання ў кансерваторыі). Калі я прыйшоў да яго, ён пачаў працаваць з голасам, выраўніваць яго. Потым, у 1985 годзе, я ўдзельнічаў у Рэспубліканскім конкурсе, дзе атрымаў першую прэмію. Пасля конкурсу на канцэрце мяне пачула Марыя Гулегіна і параіла ехаць у Адэскую кансерваторыю вучыцца далей...
Пасля яе заканчэння працаваў у Адэскім тэатры і ў кансерваторыі. Калі прыйшоў па дыплом, мне паведамілі, што я пакінуты на кафед ры. Пахвалюся: кафедра была засмучана, калі я ад’язджаў.
— Усё ж вы, вырашылі вярнуцца ў Мінск?
— Так. Пра гэта мне не давялося шкадаваць ніводнай хвіліны, таму што ў Мінску я зрабіў два дзесяткі партый, а ў Адэсе за гэты час паставілі ўсяго 4-5 спектакляў.
Калі б мы маглі запрашаць да сябе на пастаянную працу спевакоў з іншых рэспублік былога Саюза, можна было б зрабіць оперную трупу, без перабольшання, сусветнага ўзроўню. Нават на фестывалі ў Чэлябінску ўсе былі унікумы — з моцнымі галасамі, прыгожыя — гэта падымае агульны настрой, стымулюе. Аднак для правядзення такіх фестываляў патрэбны фінансавыя магнаты, такія, якімі ў мінулым былі Мамантаў, Дзягілеў.
У нас у Беларусі існуе шмат фестываляў: «Славянскі базар», «Залаты шлягер», але няма фестывалю, які адлюстроўвае дасягненні опернага мастацтва. Адзіны тэатр у рэспубліцы, які займаецца прапагандай опернага мастацтва, патрабуе да сябе асаблівай увагі з боку вышэйшых інстанцый. Трэба ўлічваць і тое, што тэатр прываблівае замежных дыпламатаў, гасцей сталіцы і з’яўляецца сведчаннем узроўню культуры краіны. 3 адыходам сталага пакалення спевакоў будзе вельмі цяжка. У нас няма моцнага сярэдняга звяна, а з маладым трэба яшчэ шмат працаваць.
— Як вы ставіцеся да таго, што ў Беларускую акадэмію музыкі на аддзяленне спеваў могуць прыняць кожнага, хто мае добры голас?
— На мой погляд, каб мець поўную прафесійную падрыхтоўку, трэба прайсці перад гэтым яшчэ і музычную школу, і вучылішча. А цяпер дастаткова вялікая колькасць спевакоў мае за плячыма толькі кансерваторскую адукацыю, у лепшым выпадку — яшчэ два гады падрыхтоўчых курсаў. Як вучацца вакалісты — гэта ж усім вядома! Памятаю, пасля першага паўгоддзя навучання ў кансерваторыі я сыграў на заліку па фартэпіяна «Месяцовую санату», і мне сказалі «да пабачэння» — да дзяржаўных экзаменаў.
— На ваш погляд, як павінны салісты паводзіць сябе на сцэне, каб узнік кантакт з публікай?
— Беларусы самі па сабе — нацыя спакойная, дысцыплінаваная, паўночная. Магчыма, таму нам уласціва сарамлівасць і чалавечая стрыманасць. Менавіта таму ў гледачах цяжка растапіць холад, абудзіць пачуцці. Для гэтага акцёр павінен адчуваць у некалькі разоў мацней за гледача.
Мы іграем і драму, і камедыю, прычым камедыя нават больш небяспечная ў плане таго, што вельмі важна не перайсці пэўную мяжу, не «пераігрываць». Калі ў драме недабіраеш — ну што ж, Бог з табой, а ў камедыі, недабраўшы ці перабраўшы, ты выглядаеш недарэчна. Старэйшае пакаленне выканаўцаў у гэтым сэнсе больш прафесійнае, эмацыянальнае, таму што гэтыя людзі працавалі з такімі асобамі, як Вашчак, Штэйн... Яны не могуць інакш. I сярод маладога пакалення таксама ёсць таленавітыя спевакі, але іх трэба накіроўваць, шмат чаго паказваць асабіста, нават прымушаць. Мала такіх, каго ў калектыве не павінна быць, але яны ёсць.
Трупа можа быць і невялікая, але трэба, каб яна складалася з прафесіяналаў. Таму было б добра, калі б студэнты-спевакі мелі магчымасць хадзіць на спектаклі, прысутнічаць на спеўках і бачыць, што адбываецца ў тэатры.
На здымку: 3 Ірынай Архіпавай на фестывалі опернага мастацтва ў Чэлябінску, 2001 год.
— Усю чарнавую работу?
— Вядома. Падрыхтаваць любую, нават самую маленькую партыю, напрыклад Бертрана ў «Іаланце», — вось ужо поле дзейнасці! Гэта выдуманы персанаж, які служыць дазорцам у замку. Але тут вялікая прастора для фантазіі: прыдумай сабе гэтага чалавека! Які ён — добры, дрэнны, якія ў яго паходка, рысы характару? Тэатр — гэта дзейства, а спевы — толькі сродак яго ўвасаблення...
Дробязей не бывае, кожная недарэчнасць са сцэны літаральна крычыць. Магчыма, я гэта заўважаю, паколькі чалавек падрыхтаваны. Можа, нехта і лічыць, што публіка нічога не разумее, але... Пасля чарговага спектакля «Барыс Гадуноў» у фае тэатра я пачуў заўвагу аднаго з гледачоў: «А Юродзівы ў ботах выйшаў, а боты, між іншым, замшавыя...» Думаю, салісты страцілі цікавасць да творчасці. Працуюць цэлы дзень на дачы, а ўвечары прыязджаюць на спектакль. Я мог бы дапусціць, калі б гэта рабіў Еўсцігнееў ці Плят, якім на пераўвасабленне патрэбна імгненне.
Аднойчы калега расказаў: «Я зусім пусты, а ўвечары спектакль. Што рабіць? Бяру томік вершаў Цютчава, еду ў лес і хаджу, чытаю яго...». I я магу зразумець гэтага спевака, таму што і сам калі-нікалі апынаюся ў такой сітуацыі. Памятаю, у мяне быў такі самы стан у Францыі, калі мы з Наталляй Кастэнкай ездзілі спяваць прыватны канцэрт. Спектакль у гэтым сэнсе спяваць прасцей: ты можаш схавацца за грым, за касцюм, кожны спектакль мае свой адметны водар, пах — іншы раз нават гэта дапамагае. Выйдзеш на сцэну, за кулісамі паходзіш — і ў душы ўжо нешта з’яўляецца. Канцэрт спяваць вельмі цяжка, бо для гэтага трэба аднаму трымаць тысячную залу. У Францыі я доўга хадзіў па старадаўніх алеях (мы выступалі ў замку ХІІ-ХІІІ стагоддзяў) — і, ведаеце, «назбіраў» патрэбны настрой: канцэрт прайшоў вельмі ўдала.
У мяне часам з’яўляецца жаданне пайсці вучыцца на рэжысёра. Тое, што я ўмею, бачыў, назіраў, тое, што я ўдзельнічаў у пастаноўках, дазваляе мне рабіць выснову, што ведаю знутры, як робіцца спектакль, як робіцца пастаноўка. I не я адзін такі. Акрамя жадання майго і маіх калег працаваць па-сапраўднаму, у тэатры яшчэ вельмі патрэбная моцная, высокапрафесійная ўлада. Дэмакратыя пры адсутнасці ўнутранай культуры — гэта разгул шэрасці і злачыннасці. У мастацтве не можа і не павінна быць дэмакратыі, бо мастацтва перш за ўсё — гэта творчасць таленавітых асоб.
— У такім выпадку павінен быць таленавіты кіраўнік?
— Калі менавіта такі чалавек будзе кіраваць, ён не дазволіць працаваць горш за сябе. Таленавіты кіраўнік здолее выхаваць моцнага прафесійнага выканаўцу. Напрыклад, за сабой я заўважаю мноства лішніх жэстаў (падчас дзеяння часам эмацыянальна «заносіць») і ўжо пасля аналізую: «Тут дарэмна махнуў рукой»... (дарэчы, зноў вяртаюся да думкі пра неабходнасць стварэння ў тэатры відэакласа).
— Якой вы бачыце ролю дырыжора ў тэатры?
— Безумоўна, дырыжор кіруе спектаклем, але і я стараюся паказаць, што спявак — не лялька, якую лялькавод водзіць па сцэне з дапамогай палачак. Хоць з такімі дырыжорамі, як Анісімаў, падобнага не здараецца. Гэта чалавек, які імгненна адчувае цябе і дае карт-бланш. Часам, працуючы з ім, я не памятаю, што знаходжуся на сцэне.
Калі дырыжор не адчувае цябе, гэта вельмі цяжка і неяк спыняе, выбівае з творчага стану, хоць глядач і калегі гэтага, магчыма, і не заўважаюць. Каб падпарадкаваць выканаўцаў сваёй волі, дырыжор абавязкова павінен адчуваць мацней за іх. I тут вельмі важная роля дырыжора ў агульнай канцэпцыі твора — ці ёсць у спектакля асаблівая аўра, ці яе няма. Нездарма Шаляпін казаў: «Колькі я б мог яшчэ стварыць, калі б мне не перашкаджалі дырыжоры!»
— Напэўна, гастрольнымі планамі трупы абумоўлена тое, што вялікая частка рэпертуару нашага тэатра — творы італьянскіх аўтараў. А якія оперы любіце вы?
— Было б вельмі добра, калі б у тэатры ставілася б больш сачыненняў рускіх кампазітараў. У нас у рэпертуары так мала рускіх опер!.. Напрыклад, «Руслан і Людміла» — цудоўны спектакль. Я ўжо не кажу пра такія палотны, як «Хаваншчына», дзе існуюць яркія персанажы і мацнейшыя характары. Опера У. Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха» — гэта ж сусветны ўзровень! Не ведаю, што гэты кампазітар мог бы напісаць, каб не яго трагічная заўчасная смерць...
— А сёлетні гастрольны план тэатра прадугледжвае паказ опер на рускай мове?
— У Швейцарыі ўжо другі раз будзе ісці «Князь Ігар».
— Ёсць розніца: спяваць спектакль дома ці на гастролях?
— Безумоўна. Бо дома ўсё ведаеш загадзя. Асноўная праца над вобразам адбываецца ў класе, на рэпетыцыях, але момант работы з новым дырыжорам — неверагодна «смачны»: першая сустрэча, узмах палачкі... Гэта ўвесь час цікава: новыя людзі, стасункі, вакальныя новаўвядзенні, сцэнічныя адкрыцці, нават анекдоты. Ірына Архіпава аднойчы мне сказала: «Алег, вам у творчасці трэба знайсці свайго дырыжора, бо вы не ўяўляеце сабе, якіх поспехаў можаце дабіцца на сцэне». Пакуль што дырыжора, лепшага за Анісімава, мне не даводзілася сустракаць. Я не працаваў з Вашчаком, хоць старажылы тэатра і мой канцэртмайстар Георгій Аляксеевіч Карант кажуць, што я — яго тып спевака. Не пашчасціла...
На здымку: У партыі Барыса Гадунова з аднайменнай оперы М.Мусаргскага.
— Алег Уладзіміравіч, ваш графік паездак па розных краінах вельмі насычаны: Швейцарыя, Германія, Расія, Ізраіль, Ірландыя... Магчыма, у бліжэйшы час вы парадуеце чымсьці новым і беларускіх слухачоў?
— Цяпер рыхтую сольны камерны канцэрт: любімыя рамансы рускіх кампазітараў і цыкл «Песні і танцы смерці» Мусаргскага. Выкананне Ірынай Архіпавай твораў Мусаргскага натхніла мяне болып за ўсё. Яе запісы твораў кампазітара былі прызнаны лепшымі ў свеце. Яна мне расказала пра падводныя плыні, тайны кампазітара, якія знайшлі адлюстраванне ў цыкле. Пра тайны паэта Галянішчава-Кутузава ёй паведамілі яе настаўнікі, якія ведалі яго асабіста. Яны расказалі Архіпавай і непасрэдна пра «Песні і танцы смерці» — як яны рабіліся і што падштурхнула аўтара да напісання гэтых твораў. У Мусаргскага наогул шмат вобразаў лёсу, смерці, замагільных вобразаў... Хто гэтага не ведае — ніколі не спяе належным чынам.
Пры шматлікіх рамансах ёсць радок: «Прысвячаецца...». А гэтаму заўсёды папярэднічае нейкая гісторыя, у якой або любоў, або рамантычная інтрыга. За ўсім гэтым — чалавечае жыццё...