Цікавасць музычнай грамадскасці да прэм’еры дыктавалася яшчэ і тым, што рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіла заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Маргарыта Ізворска, якая з гэтага сезона з’яўляецца мастацкім кіраўніком Беларускай оперы: спектакль, такім чынам, набываў статус творчага крэда — і яе асабіста, і ўсяго тэатра.
Дый увогуле сама па сабе «Хаваншчына» далёка не тая опера, прэм’ера якой можа прайсці незаўважна, шарагова: маштабы культурнай падзеі ўзмацняюцца і грандыёзнасцю самой кампазітарскай задумы, накіраванай у XX і нават XXI стагоддзі, і актуальнасцю гістарычнай тэмы, якая ў Мусаргскага таксама раскрываецца праз паралелі з сучаснасцю і будучыняй, і, нарэшце, неабдымнасцю праблем, што непазбежна ўзнікаюць у кожнага, хто захоча ўвасобіць гэты твор сцэнічна.
Адсутнасць аўтарскай партытуры спарадзіла мноства аркестравых версій — як айчынных, так і замежных. Наш тэатр звярнуўся да рэдакцыі Дз. Шастаковіча. Але там, дзе той дапаўняў нотны тэкст паўторамі некаторых тэм дзеля драматургічнай завершанасці, тэатр усё ж спыніўся на аўтарскім варыянце.
Куды большую пастаноўчую праблему ўяўляюць незвычайнасць драматургіі гэтага твора, значная роля ў ёй разнастайных харавых сцэн, у тым ліку вельмі буйных і складаных, а галоўнае —вялікая колькасць каларытных мужчынскіх персанажаў. Прычым кожны з «залатой дзесяткі» салістаў (на справе іх больш) павінен быць яркай індывідуальнасцю: валодаць моцным голасам з адметнымі, запамінальнымі фарбамі, мець добрыя акцёрскія якасці і, прабачце, добрую дыкцыю. Затое жаночых фігур у оперы — усяго дзве. Уяўляеце, якая канкурэнцыя пачынаецца сярод прымадон?
Да таго ж, надзвычай цяжка зрабіць гэту оперу «канкурэнтна здольнай» у параўнанні з лёгкімі камедыйнымі ці меладраматычнымі спектаклямі, што заўсёды збяруць публіку — ужо з-за сваёй жанравай прыналежнасці. Паглыбленага канцэпцыйнага ўвасаблення вымагае філасофскі змест твора, прыхаваны знешнім падабенствам рэалізму (гэтага спалучэння традыцыйных купалаў з «варыяцыяй» іх у выглядзе ці то разбуранага даху, ці то вайсковага шлему спрабаваў дасягнуць мастак Вячаслаў Окунеў).
Далучыце да ўсяго нашы тэатральныя рэаліі, вымушаны ад’езд на гастролі падчас рэпетыцыйнага працэсу музычнага кіраўніка Генадзя Праваторава (яго замянялі Леў Лях і Вячаслаў Чарнуха, які днямі абраны галоўным дырыжорам тэатра оперы), параўнайце кошт нашай і маскоўскай пастановак (50 тыс. долараў супраць 800 тыс.) — і вы зразумееце, на якую рызыку ішоў калектыў.
Не скажу, што цяперашняя прэм’ера аднолькава пераканальна вырашыла ўсе пералічаныя праблемы. Але зварот тэатра да такой вяршыні опернага майстэрства (дый яшчэ адразу пасля далёка не бясспрэчнай маскоўскай пастаноўкі, якую не пакінуў без заўваг ніводны сталічны крытык) сведчыць пра высокую планку, узятую калектывам. Несумненна, праца над спектаклем прынесла трупе карысць, хаця і запатрабавала ад усіх удзельнікаў неверагоднай напружанасці, часам на мяжы магчымага і немагчымага.
Сярод самых значных вынікаў адзначу не толькі шматлікія хары — як заўсёды, да дробязей адшліфаваныя музычна і сцэнічна (хормайстар Ніна Ламановіч), але і ўдзел у прэм’еры маладых салістаў. I не толькі ў эпізадычных ролях тыпу клеўрэта, дзе былі задзейнічаны студэнты Беларускай акадэміі музыкі Юрый Балацько і Міхаіл Пузанаў, але і ў абедзвюх жаночых партыях. Можа, крыху менш пашанцавала опернай Марфе, якая павінна прыцягваць увагу не толькі знешнасцю ды голасам, але і моцнай духоўнай сілай. Затое выхад Настассі Масквіной стаўся сапраўдным адкрыццём — як самой спявачкі, што зусім нядаўна папоўніла трупу, так і вобраза «дзяўчыны з Нямецкай слабады»: тая атрымала ся сапраўды «не тутэйшай» асобай, зорна бліскучай і адначасова кранальнай.
Хаця ў оперы і няма аднаго «цэнтральнага героя», усё ж сапраўдным «цэнтрам хаваншчынскага сусвету» павінен быць названы Алег Мельнікаў у партыі князя Хаванскага, правадыра стральцоў: ён ва ўсіх сэнсах стаўся «правадыром», прадэманстраваўшы ў чарговы (пасля «Барыса Гадунова») раз, якога ўзроўню трэба дасягаць у операх Мусаргскага, формулай творчасці якога можа быць прызнаная яго ўласная фраза «да новых берагоў».
Дарэчы, у адпаведнасці з гэтымі словамі тэатр адразу пасля прэм’еры накіраваўся на працяглыя гастролі ў Германію з операмі Дж. Вердзі «Аіда» і «Набука». Ну, а «Хаваншчыну» плануецца паказаць у Маскве, прымеркаваўшы гэта да 60-годдзя вызвалення Беларусі.