Георгій ЧЫГІР, фота Марыі ЖЫЛІНСКАЙ. Народная газета, нумар ад 2 лютага 2001 года

Да «Барыса Гадунова» яшчэ б i «Князя Наваградскага»…

Дзеля чаго мы з прагай (не заўсёды, але іншы раз) узіраемся ў даўно мінулае? Верагодна, а, можа, і хутчэй за ўсё, з-за вострай неабходнасці зразумець сучаснасць, якая — не больш чым звяно ў ланцугу часу.  «Исторня, - пісаў некалі Карамзін, - отверзая гробы, поднимая мертвых, влагая им жнзнь в сердце и слова в уста... представляя воображенню ряд веков с их отличными страстями, нравами, деяниями, расширяет пределы собственного бытия; и творческою силою мы живем с людьми всех времен, видим и слышим нх, любим и ненавидим; еще не думая о пользе, уже наслаждаемся».

Да «Барыса Гадунова» яшчэ б i «Князя Наваградскага»… Марыя ЖЫЛІНСКАЯ

Ці ж не залатыя словы?! Дададзім хіба тое, шю муза Кліо патрабуе, каб у кожным новым веку яе азаралі сучаснымі ліхтарамі, больш яркімі і дасканалымі. Можа, як ніхто з яго сучаснікаў, разумеў тое і Аляксандр Пушкін, калі браўся за свайго «Барыса Гадунова». Аддаючы належнае Карамзіну, Пушкін, тым не менш, па-свойму вытлумачваў і народныя пачуцці, і ўсю гэтую «Камедыю пра цара Барыса і Грышку Атрэп'ева» (рукапісная назва драмы). Ягонае разуменне мінуўшчыны (цараванне Гадунова) не дужа супадала з тагачасным афіцыйна-прыдворным. Нездарма ж Апяксандр Сяргеевіч агрымаў вымову ад Бенкендорфа толькі за тое, што не прадставіў рукапіс цару. А царскі прыслужнік і прысяжны даносчык Булгарын (з нашых, дарэчы) адзначыў у рукапісе шэраг «недапушчальных» месцаў («манахі прадстаўлены раз бэшчанымі», «царская ўлада - у жахлівым выглядзе» і «яўна гаворыцца, што хто будзе абяцаць свабоду сялянам, той узбунтуе іх». А яшчэ наш зямляк, услугоўваючы бацюхну цару, не прамінуў падкрэсліць, што «ў народных сцэнах народ не выказвае належнай любові і адданасці цару», «народ з усхліпамі і са слязамі просіць Барыса прыняць царскі вянец (як сказана ў Карамзіна), а між тым выяўляецца, што людзі плачуць, самі не ведаючы аб чым, а іншыя і зусім не могуць ліць слёз і цыбуляй націраюць сабе вочы! Ці ж прыстойна так тлумачыць народныя лачуцці?»).

Словам, з-за цэнзурнай цягамоціны «Барыс Гэдуноў» быў пастаўлены на сцэне толькі ў 1870 годзе.

А далей перад намі Мусаргскі - самы рускі кампазітар з усіх расійскіх. Так ва ўсялякім разе сцвярджаюць музыказнаўцы. Кажуць, што для ўсіх ён - пры ўсёй сваёй неверагоднай папулярнасці ў свеце - найперш застаецца выразнікам рускага менталітэту. Хаця, пра тое многія ведаюць, ягоныя карані хаваюцца ў нашым краі, бо прашчуры гэтага рускага генія - ліцвіны. Музыку да «Барыса Гадунова» пачаў пісаць у 1868 годзе. Ягонае прачытанне пушкінскай драмы, а значыць, расійскай мінуўшчыны нешта большае, чым проста музыка ў стылі «вялікай сімфоніі», нешта больш значнае, чым музычная ілюстрацыя да расійскага крывавага вэрхалу пачатку XVII стагоддзя. Яна сама па сабе самадастатковая, бо была і застаецца наватарскай па сённяшні дзень. Усе неацэненыя пры жыцці кампазітара гукавыя адкрыцці ўвайшлі ў арсенал сучаснай музычнай мовы: дысанантная гармонія і размоўная мелодыя, стэрэафанічнасць аркестравага гучання і «архаічны» стыль старарускага праваслаўя.

Мусаргскі быў не проста музыкантам-прафесіяналам, але, як сказаў адзін разумны француз, вялікім празорцам. Ягонае амплуа не толькі бунтарства, крытычнае стаўленне да рэчаіснасці, але і заглыбленае пранікненне ў свет рэлігійнага, нават містычнага. Пагібель і ўваскрэсенне Русі - у яе народзе. Адпаведная і музыка Мусаргскага - пра зацятую варажнечу вярхоў і сляпую веру нізоў, пра духоўнае самаўзвышэнне і нічым не абгрунтаванае ўтоптванне ў гразь учарашніх святынь. Расію ніколі нельга было растлумачыць і зразумець, але ў яе прадвызначэнне верылі і ўсе яшчэ працягваюць верыць многія...

«Мінуўшчына ў цяперашнім - вось мая задача», - пісаў Мусаргскі, калі распачынаў працу над сваімі музычна-гістарычнымі хронікамі «Барыс Гадуноў» і «Хаваншчына». У гэтым сэнсе кампазітар пайшоў далей Пушкіна, бо, па-першае, быў не такім залежным ад двара, а па-другое, музычная мова сама па сабе больш свабодная і дэмакратычная.

Зразумела, «Барыса Гадунова» ставілі ў розны час і на розных сцэнах безліч разоў. Але найчасцей цікавасць да драмы (у дадзеным выпадку да опернай пастаноўкі) узнікала тады, калі мелі месца вялікія палітычныя ўзрушэнні, калі з'яўляўся прывід «смутнага Барысавага царавання» з усімі яго наступствамі - беззаконнем, разладам, духоўным спусташэннем, народнымі драмамі. Цяперашні час, канец XX стагоддзя, у нечым усё той жа - смутны і неўладкаваны. I, натуральна, цікавасць да «Барыса...»  неверагодная. I не толькі ў Расіі.


Пастаноўку «Барыса Гадунова» ў Нацыянальным тэатры оперы адкладвалі некалькі разоў. Кажуць, з-за фінансавых цяжкасцей. Але гэта толькі падагрэла цікавасць, бо што ні кажыце, а з’яўленне цара народу мусіла ўсё ж стаць падзеяй выключнай, хоць бы і ў тэатральным жыцці...

I вось першыя прэм'ерныя слектаклі: аншлагі, шум у прэсе, розныя ацэнкі. Ці спраўдзіліся надзеі і спадзяванні аматараў оперы на гэты спектакль? Ці ўдалося пастаноўшчыкам, гэтак жа як і выканаўцам, ажыццявіць задуманае? I, урэшце, ці пачулі, ці ўбачылі мы, як казаў Мусаргскі, «мінулае ў цяперашнім»?..

Опера, як вядома, кансерватыўны від мастацтва. Тут на першым плане музыка, хор, салісты. I толькі потым рэжысёрскія прыдумкі, сцэнаграфія і г.д. Тут не выскачыш за рамкі музычных нот, хоць роля аркестра, дырыжора - найвялікшая. Бо толькі яны (асабліва хор) акумулююць унутраную энергію спектакля.

У гэтым плане музыка Мусаргскага не патрабуе нейкага асаблівага прачытання. Яна больш чым самадастатковая і ў «Барысе...», бо і тут праз край страсці і стрыманасць, натуралістычнасць і яркія бунтарскія фарбы. Калі б перад дырыжорам і паўставала нейкая суперзадача, то яна, відаць, мусіла б быць у адным - у дасягненні адпаледнасці музычнага і драмагычнага матэрыялу.

Удалося гэта ці не? Што тут скажаш... Нашы оперныя артысты - нядрэнныя, а месцам проста выдатныя спевакі. Аднак, і мы гэта добра ведаем, яны не вельмі моцныя ў акцёрскай справе. I ўсё ж у «Барысе Гадунове» ансамбль салістаў цудоўным чынам справіўся з акцёрскімі складанасцямі. Хоць у «Барысе...» і праглядвалі сумна статычныя мізансцэны, часам не зусім адпаведныя інтанацыі і малавыразныя жэсты, аднак жа гэта не сапсавала агульнага ўражання. Да таго ж выратоўвала і ўсё выцягвала музыка. Магутныя харавыя акцэнты (цудоўная работа і заслуга хормайстра Н. Ламановіч) прымушалі трапятаць сэрца, бо дзе ж яшчэ пачуеш голас народа, які не маўчыць?! У Пушкіна ён, мажліва, і маўчаў, але не ў Мусаргскага…

Публіка паваліла на «Барыса Гадуно ва», не толькі каб убачыць і пачуць «мінулае ў сённяшнім». На цара Барыса ішлі і каб проста наталіцца оперным мастацтвам, пачуць любімых выканаўцаў, падзівіцца на дэкарацыі, касцюмы, удыхнуць тэатральнага водару. Той, каму карцела ўбачыць выкштальцоныя крамлёўскія палаты, залачоныя купалы сабораў і бляск баярскага двара, быў нямала здзіўлены, бо праз усе дзеі карціны-спектакля праходзіла толькі адна дэкарацыя. Але якая!.. Гіганцкая канструкцыя - ні то мост прзз Маскву-раку, ні то жалезныя арэлі, ні то ўзлётная палуба авіяносца, ні то пачвара-цямніца ў выглядзе карабля са зманлівым святлом ілюмінатараў. Словам, штукенцыя настолькі дзіўная, наколькі і ўмоўная.

I ўсё ж дзеля справядлівасці (няхай і суб’ектыўнай) мушу прызнаць, што гэтая жалезная пачвара сваю функцыю ў спектаклі выканала ў поўнай ступені. Яна працавала як на ідэю самой драмы, так і змушала да самых смелых асацыятыўных уражанняў-фантазій. Сталёвая аграмадзіна - ці не вобраз самой Расіі, якая што- раз, быццам велізарны карабель падчас шторму, то зарывалася носам у акіянскія хвалі, то потырч паўставала над імі. I цяжка, амаль немагчыма ўтрымацца на палубе гэтага карабля-монстра ці на царскім мосціку. Гэтая метафара-вобраз мастака З. Марголіна, думаецца, цалкам сугучна музычным памкненням Мусаргскага - рамантыка і місгыка, які верыў у апакаліпсіс і ўратавальнае прадвызначэнне Расіі. Казаў жа ён, што ўваскрэсенне Расіі - у яе народзе. Але пакуль што гэтую краіну-карабель разам з царамі і генсекамі, бунтарамі і маўчунамі жорстка шпурляе бацька-акіян. Відаць, лёс такі ў народа, які неўпапад бунтарыць і неўпапад маўчыць.

Зрэзумела, драма цара Барыса вельмі канкрэтная, асабістая і ў той час гістарычная. Яна - звяно ў ланцугу часу.

Алег Мельнікаў (цудоўны бас і не менш цудоўная акцёрская работа) максімальна прачула і аб’ёмна выкаваў свайго цара. Настолькі прачула, шго Барыса - не цара, а чалавека - рабілася нават шкада.


Спектакль у пастаноўцы Мікалая Пінігіна адбыўся. Ён не авангардны, але і не без навізны. Несумненна і тое, што тэатр значна ўзбагаціўся, паставіўшы адну з гістарычных хронік Мусаргскага. I народ, вядома ж, будзе хадзіць на цара Барыса. Бог дасць, дажывём і да прэм’ёры «Хаваншчыны». Вось толькі адно няўцям: куды падзеліся з рэпертуарнай афішы нашага Нацыянальнага тэатра беларускія оперы? Неяк нават дзіўна і, прабачце, недарэчна чытаць на афішы - «Беларускі нацыянальны»... А што, уласна, нацыянальнага ў тэатры, які сябе такім лічыць? Вядома, спяваць па- італьянску варта, але ж не настолькі, каб забыць сваё, крэўнае.

Не думаю, што «Князь Наваградскі», «Агатка» ці там «Сівая легенда» альбо «Дзікае паляванне караля Стаха’» па Карагкевічу сапсавалі б гэтую самую афішу. Няма ў нас не тое што пачцівасці, але звычайнай зацікаўленасці да айчыннай оперы. Па меншай меры дзіўна ўсё гэта. Ці, можа, такая асаблівасць нацыянальнага характару - быць у вечнай пагоні за замежным? Нацыянальнае мастацтва тым і цікавае свету, што непаўторнае. Навошта ж нам саромецца свайго? Ці ў беларусаў нікчэмныя традыцыі, бедная гісторыя, нікуды не вартая літаратура, музыка?

Неяк у спадара А. Анісімава запыталі, што, на яго думку, ёсць нацыянальнага ў нашай оперы? I той, выдатна разумеючы, пра што ідзе гаворка, вельмі так па-майстэрску выйшаў са становішча: у нас, маўляў, цудоўная нацыянальная школа выканаўства. Даруйце, шаноўны маэстра, але адказ, як кажуць, недакладны і няпоўны. Калі ў рэпертуары Беларускага нацыянальнага тэатра оперы няма свайго «Барыса Гадунова», то і нацыянальным яго называць ніяк не выпадае. Зразумела, гэты папрок не столькі музычнаму хіраўніку тэатра, колькі мастацкаму кіраўніку Нацыянальнай оперы спадару С. Картэсу.

Але і на тым дзякуй, што за тры гады нарадзілі нарэшце «Барыса...». Усё ж не чужы нам цар, бо меў нават намер заключыць з нашым Сапегам саюз на вечныя часы... Так што пойдзем на цара Барыса!

 

Запампаваць далучэнні:

Падобныя матэрыялы

  • Опера «Барыс Гадуноў»
  • Аб чым марыць бас

    Опера Мадэста Мусаргскага «Барыс Гадуноў» шмат гадоў не сыходзіць са сцэны Нацыянальнага Акадэмічнага опернага тэатра Беларусі. Зараз яна пакуль што ідзе ў канцэртным выкананні. I ўсё-ткі нягледзячы на адсутнасць дэкарацый, сцэнічных строяў у мужчын, што не магло не абмяжоўваць дзеянні выканальнікаў, галоўны герой Барыс Гадуноў у выкананні заслужанага артыста Беларусі Апега Мельнікава атрымаўся жывым, яркім, каларытным. Ён хвалюе, захапляе, прыцягвае кожным жэстам, рухам, а вочы спевака, яго голас лепш за ўсялякія словы раскрываюць гэты скпаданы вобраз, надзвычайна моцную асобу, якая сваёй неардынарнасцю прыцягвае ўвагу публікі.