Вера КРОЗ. ЛіМ, нумар ад 25 кастрычніка 1996 года

Няпросты шпях да оперы

Такая знаёмая, такая цудоўная музыка Пятра Ільіча Чайкоўскага акунае нас у святочную атмасферу шляхетнага балю. Таццяну Ларыну непазнаць. Багата апранутая, прыгожая, упэўненая ў сабе, яна ідзе пад руку з сівым імпазантным генералам, які, здаецца, не можа надыхацца каханнем да жонкі. У ролі Грэміна — уладальнік прыгожага баса з яркім тэмбрам, саліст беларускай оперы Алег Мельнікаў.

На здымках: Алег Мельнікаў у жыцціі на сцэне — Грэмін (злева) з оперы «Яўгеній Анегін» На здымках: Алег Мельнікаў у жыцціі на сцэне — Грэмін (злева) з оперы «Яўгеній Анегін»

Новая імя? У пэўным сэнсе — так.

Спявак нарадзіўся і вырас у Мінску. «Мае бацькі, — гаворыць ён, — рабочыя. Абое любяць спяваць. У бацькі — барытон, у маці — сапрана. Наогул, у нашай сям’і ніводнае свята не абыходзіцца без спеваў».

Шлях да мастацтва быў у Алега нялёгкі. Жаданне прысвяціць сваё жыццё музыцы праявілася ў яго ўжо ў шасцігадовым узросце. Неяк хлопчык глядзеў кінафільм «Сляпы музыка» на сюжэт У. Караленкі і проста-такі зайшоўся ад плачу: «Хачу вучыцца музыцы!». Неўзабаве ён ужо вучыўся ў Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры кансерваторыі — па класе баяна. I хаця да гэтага інструмента душа не ляжала, вучань ён быў здольны — дасканала асвоіў баян. 3 чатырнаццацігадовага ўзросту Алега пачалі запрашаць іграць на вяселлях. К гэтаму часу ён навучыўся добра іграць і на гітары, і на фартэпіяна. Пазней, калі служыўу палкавым аркестры, асвоіў саксафон. У той час набіралі музыкантаў, спевакоў у знаны ансамбль БВА, якім кіраваў Леў Муранаў. Алег быў прыняты ў гэты калектыў, дзе і граў, і спяваў...

Потым ён спяваў у мінскіх рэстаранах. Былы бас-гітарыст «Песняроў» Леанід Тышко запрасіў Мельнікава спеваком-саксафаністам у рэстаран «Юбілейны». Але рэстаранныя канцэрты хутка надакучылі. Была мара — стаць сапраўдным прафесіяналам, спасцігаць сакрэты вакальнага мастацтва. Паступіў на вакальнае аддзяленне Беларускай кансерваторыі. Шчыра кажучы, яму не пашанцавала з выкладчыкам па спецыяльнасці, які, на жаль, не знайшоў ключык да сваго вучня, і юнак быў вымушаны пакінуць кансерваторыю. Аднак на яго звярнуў увагу выдатны педагог загадчык вакальнага аддзялення Мінскага музычнага вучылішча імя М. Глінкі Адам Асманавіч Мурзіч. Алег прыйшоў да яго вучнем — на трэці курс вучылішча...

Праз паўгода адбыўся Рэспубліканскі конкурс вакалістаў, пераможцам якога стаў Алег Мельнікаў. Менавіта тады яму параілі ехаць у Адэскую кансерваторыю да прафесара Яўгена Іванова, у якога вучыліся галоўным чынам басы, барытоны. Вясной 1986-га малады спявак быў ужо ў Адэсе. Суправаджаў яго педагог Адам Мурзіч, які лічыў сябе адказным, каму аддаць «такі матэрыял». На праслухоўванні Алег паспеў праспяваць толькі дзесяць тактаў арыі, як Яўген Мікалаевіч Іваноў з захапленнем сказаў: «Упершыню мне прывезлі студэнта, якога не трэба перавучваць!».

— Да канца свайго жыцця Іваноў адносіўся да мяне па-мужчынску строга, але справядліва, па-бацькоўску апякаў і, мне здаецца, што я быў яго любімчыкам, — расказвае А. Мельнікаў. Ён удзячны і жонцы свайго педагога, таленавітаму выкладчыку камернага класа, заслужанай артыстцы Украіны Людміле Івановай, і канцэртмайстру Таццяне Кнышовай, і рэктару Адэскай кансерваторыі, вядомаму спеваку Мікалаю Агрэнічу, які стварыў спрыяльныя абставіны для адораных студэнтаў, магчымасці для ўдзелу ў самых прэстыжных конкурсах.

Альма матэр паспрыяла станаўленню А. Мельнікава як опернага артыста. Ужо з першага курса ён стаў адным з вядучых салістаў славутага Адэскага опернага тэатра. Дэбютаваў у партыі Шчалкалава з оперы М. Мусаргскага «Барыс Гадуноў». Потым быў Пімен таксама з «Барыса Гадунова». Алегу было толькі 26 гадоў, калі яму даверылі гэтую цікавую складаную партыю. Штодзённа яго мучыла думка, як перадаць вобраз мудрага старца... На адзін з першых спектакляў ён прыйшоў у тэатр задоўга да пачатку. Рана прыйшоў і грымёр. Артыст апрануў расу, загрыміраваўся. I раптам адчуў, што яму ўжо не 26, а 90. Цікава, што на гэтым спектаклі Алега Мельнікава ў тэатры ніхто не пазнаў. Нават палічылі, што прыехаў гастралёр...

Цікава, ярка, эмацыянальна выконвае А. Мельнікаў ролю Дона Базіліё ў оперьі Д. Расіні «Севільскі цырульнік». На думку ягонага педагога А. Мурзіча, гэта своеасаблівая візітоўка Алега. Ён не шаржуе, не перайграе, па-свойму смешны і вельмі пераканаўчы. У час гастроляў нашага тэатра па Ісланіі такі Дон Базіліё вельмі спадабаўся іспанскім аматарам опернага мастацтва.

Удача артыста — партыя караля Рэнэ ў оперы П. Чайкоўскага «Іяланта», якой, дарэчы, ён дэбютаваў у Мінску пасля васьмігадовай працы на сцэне Адэскай оперы. Няпроста было прыстасавацца да новага калектыву. Але нездарма гавораць: хто выжыў у Адэсе — выжыве ўсюды...

Працуючы ў родным горадзе, спявак паспяхова выступіў у самых розных спектаклях. Навату параўнальна невялікіх партыях ён выглядае прыкметна, запамінаецца. Глядач не можа не заўважыць яго ў партыі Старога катаржаніна (опера Д. Шастаковіча «Кацярына Ізмайлава, або Лэдзі Макбет Мцэнскага павета»). Трапныя фарбы, таны і паўтаны знайшоў ён для ўвасаблення вобраза Дварэцкага (опера С. Картэса «Візіт дамы»). Скупа, але выразна, як і патрэбна паводле сюжэта, паказвае ён Рамфіса — вярхоўнага жраца з оперы Д. Вердзі «Аіда».

У нядаўняй прэм’еры — оперы А. Барадзіна «Князь Ігар» А. Мельнікаў стварыў два розныя яркія вобразы. Гэта весялун-гуляка Галіцкі і самавіты хан Канчак.

Нядаўна я слухала спевака ў оперы Д. Вердзі «Дон Карлас». Гэта было канцэртнае выкананне, на мове арыгінала. Спявак быў на вышыні. Голас яго гучаў ярка, прыгожа, як і належыць лаўрэату дзесятка прэстыжных міжнародных вакальных конкурсаў.

У кожным творчым спаборніцтве Алег Мельнікаў дэманстраваў не толькі высокае прафесійнае майстэрства, але і ўменне сабрацца, выступіць упэўнена, бліскуча. У Жэнеўскім конкурсе, напрыклад, было пяць тураў па розных гарадах, адборачны тур працягваўся амаль месяц. У першым Шаляпінскім вакальным конкурсе, дзе цэнз узросту спаборнікаў — 38 гадоў, удзельнічалі толькі салісты оперных тэатраў. У Алега там была бліскучая перамога — першая прэмія!

Але як ні дзіўна, таленавітага спевака Алега Мельнікава лепш ведаюць у Расіі, чым у роднай Беларусі. Вось і нядаўна ў сваім артыкуле ў газеце «Известия» славутая оперная спявачка Ірына Архіпава назвала сярод самых таленавітых маладых оперных артыстаў імя нашага земляка Алега Мельнікава. Дарэчы, разам з Ірынай Канстанцінаўнай ён нядаўна паспяхова выступіў на Міжнародным оперным фестывалі ў Новасібірску, яны разам ўдзельнічалі ў выкананні «Рэквіема» Д. Вердзі. Мпе таксама давялося слухаць Алега Мельнікава ў гэтым творы ў Мінску, ён спяваў бліскуча.

Зусім нядаўна яго запрасілі ў Маскву для ўдзелу ў выкананні вакальна-сімфанічнай паэмы Д. Шастаковіча «Пакаранне Сцяпана Разіна» для баса, хору, сімфанічнага аркестра. Дырыжыраваў сын кампазітара Максім, які лічыць Алега Мельнікава лепшым выканаўцам басовай партыі ў гэтым творы.

Неўзабаве і ў Германіі адбудзецца сольны канцэрт спевака. Думаю, не памылюся, калі скажу, што сольнага выступлення А. Мельнікава чакаюць прыхільнікі ягонага майстэрства ў родным Мінску.

На думку канцэртмайстра Л. Талкачовай, гэта вельмі здольны спявак, ягоны голас з цудоўным тэмбрам, у яго прыгожая сцэнічная знешнасць, прыроднае пачуццё сцэны, артыстычнасць. Яшчэ адзін вядомы канцэртмайстар, які працуе з А. Мельнікавым, Г. Карант адзначае, што ў артыста няма праблем з вакальнай тэсітурай, спявак вельмі музыкальны і самакрытычны. Аматары мастацтва, зазначае ён, не могуць не ганарыцца, што на Беларусі ёсць такі даравіты артыст, уладальнік прыгожага баса, якога чакае цудоўная будучыня. Педагог Алега А. Мурзіч з гонарам называе яго лепшым сваім вучнем. Дарэчы, спявак па-ранейшаму ў цесным кантакце з Адамам Асманавічам, вельмі часта прыходзіць да яго «пракамертоніць», бо вакалісту вельмі цяжка без старонняга вуха.

Алег Мельнікаў лічыць сябе максімалістам. На яго думку, у мастацтве нічога нельга рабіць напалову. I вядома ж, трэба быць да сябе вельмі патрабавальным, прафесіяналам з вялікай літары і не разменьвацца на халтуры. Яго хвалююць праблемы тэатра: «На мой погляд, вельмі добра было б пры актыўнай падтрымцы дзяржавы ўвесці ў нашым оперным кантрактную сістэму. А з боку адміністрацыі патрэбна гарантыя салісту на ўдзел у пэўнай колькасці спектакляў, інакш — адміністрацыя плаціць няўстойку. Калі ж па віне артыста зрываецца спектакль, дык павінен плаціць ён сам, але сёння з-за вельмі нізкіх заробкаў артыстаў ніхто з іх не зможа аплаціць...»

Алегу Мельнікаву — 34 гады. Ён у росквіце свайго таленту і марыць пра цікавыя басовыя партыі...

Запампаваць далучэнні:
Пазначыць пад